КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,

нарады прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ў г. Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К. к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц. К-та нац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К. к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)